"Каласавiны-2026"

04.11.2026

З 2 па 4 лістапада 2026 года ў каледжы прайшлі традыцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя жыццю і творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, — «Каласавіны-2026», аб’яднаныя агульнай тэмай «З гонарам Коласа носім імя».
На працягу трох дзён навучэнцы і педагогі каледжа мелі магчымасць дакрануцца да багатай творчай спадчыны Якуба Коласа, праявіць свае таленты, эрудыцыю, творчыя здольнасці і ўменне працаваць у камандзе.
Праграма «Каласавінаў» атрымалася насычанай, разнастайнай і цікавай.
Адкрыла літаратурную акцыю візуальная інтэрпрэтацыя твора «Колас без рамак», якая дазволіла па-новаму паглядзець на асобу паэта, яго творчасць і значэнне для беларускай культуры. На другім паверсе каледжа разгарнулася інтэрактыўная выстава «Каласы мудрасці», дзе кожны мог пазнаёміцца з мудрымі думкамі, выказваннямі і літаратурнай спадчынай Якуба Коласа. У бібліятэцы навучэнцаў чакала віртуальная экскурсія «У гасцях у Коласа», якая дала магчымасць зазірнуць у свет паэта, пазнаёміцца з яго жыццём, творчасцю і духоўнай спадчынай.Для навучэнцаў 1–3 курсаў была арганізавана бліц-гульня «Пяць секунд на адказ», дзе ўдзельнікі прадэманстравалі свае веды пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, кемлівасць і хуткасць мыслення.
Не менш захапляльнай стала інтэлектуальная гульня «Падарожжа ў свет Коласа», якая дазволіла першакурснікам у займальнай форме пашырыць свае веды пра творчасць пісьменніка, яго жыццёвы шлях і літаратурную спадчыну. Завяршыла праграму літаратурная гасцёўня «Коласаўскія вытокі», якая стала цёплай і душэўнай сустрэчай з беларускай літаратурай. У атмасферы паэтычнага слова ўдзельнікі мелі магчымасць адчуць глыбіню і непаўторнасць творчасці Якуба Коласа, дакрануцца да яго духоўных вытокаў і яшчэ раз усвядоміць значнасць нацыянальнай літаратурнай спадчыны.
«Каласавіны-2026» аб’ядналі навучэнцаў і педагогаў, далі магчымасць раскрыць творчы патэнцыял, пашырыць літаратурны кругагляд і адчуць гонар за сваю краіну і яе вялікіх сыноў.

З гонарам Коласа носім імя, захоўваем традыцыі і адкрываем новыя старонкі беларускай культуры!

Юхо Я.I., педагог-арганiзатар

поделиться в: