«Пішу  i сэрцам, i душою...»: творчая сустрэча з паэткай, якая ператварае жыццё ў вершы

31.03.2026
31 сакавiка ў бібліятэцы iмя П.Пранузы  адбылася цёплая і шчырая творчая сустрэча навучэнцаў Д-15 групы з паэткай, чыё імя ўжо добра вядома аматарам сучаснай паэзіі — Таццянай Цвiрка. Сустрэча не выпадкова атрымала назву «Пішу  i сэрцам, i душою...», бо менавіта так, прапускаючы праз душу кожны радок, стварае свае творы паэтка. У атмасферы, напоўненай святлом і цішынёй, гучалі вершы, якія нікога не пакінулі абыякавым. Жыццё паўстала ў яе творах як шэраг дарагіх сэрцу момантаў. Яна чытала вершы пра родны кут, пра людзей, якія натхняюць, пра тыя простыя радасці, якія мы часта не заўважаем у мітусні.
Асабліва пранікнёна гучала тэма вайны. Паэтка не  спрабавала быць храністам, яна гаварыла пра боль, надзею і чалавечнасць там, дзе, здавалася б, месца толькі жахам. Яе словы пра тых, хто на перадавой, і пра тых, хто чакае дома, знайшлі водгук у сэрцах кожнага прысутнага.  У вершах Таццяны Цвiрка мае месца прырода. Пейзажная лірыка  - гэта філасофскае разважанне пра месца чалавека ў свеце, пра тое, як важна захоўваць сувязь з радасным і вечным. І, вядома, куды ж без кахання? У зале гучалі радкі пра першыя пачуцці, пра вернасць і пра тое святло, якое дапамагае выстаяць у любыя цёмныя часы.
Сустрэча прайшла ў фармаце жывога дыялогу. Госці не толькі слухалі паэзію, але і задавалі пытанні: як знайсці час для творчасці, дзе шукаць натхненне і як не баяцца быць шчырым на паперы.
Мерапрыемства паказала,  что паэзія жыве не толькі на старонках кніг, але і ў шчырым дыялогу, у позірках, у цішыні залы, якая ўважліва слухае. Гэта было сапраўднае  свята слова, якое аб’ядноўвае і натхняе, а вершы, напісаныя сэрцам, заўсёды знаходзяць дарогу да іншых сэрцаў.
К.I. Радаман, выкладчык
 
поделиться в: