Дзень беларускага пісменства і друку. Разважанні пасля падзеі

08.09.2025

Нашай установе адукацыі сёлета пашчасціла: тэматычная выстава-інсталяцыя каледжа  "Захавальнікі спадчыны – творцы будучыні", стала часткай экспазіцыі Мінскай вобласці на фестывалі кнігі і друку ў рамках XXXII Дня беларускага пісьменства і друку ў Лідзе. Разам з супрацоўнікамі Нясвіжскай раённай бібліятэкі імя П.Пранузы, якія шырока прадставілі вобраз беларускага кнігадрукара Сымона Буднага, разам з захавальнікамі друкаванага слова Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С.Пушкіна і побач з сучаснымі майстрамі паэтычнага слова, аб’яднаных Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, 6 і 7 верасня мы прадставілі цэнтральны регіён на штогоднім свяце паэзіі, музыкі, літаратуры і друкаванага слова.

Наведвальнікам выставы мы прапанавалі ацаніць мастацка-творчае ўвасабленне тэмы пісьменства, асветы, друку, выкананае навучэнцамі каледжа спецыяльнасці “Дызайн” у розных класічных і сучасных тэхніках: ад маляваных карцін Паліны Леанавец і аўтарскіх кніжных ілюстрацый Марыі Сарокінай да 3D-пластыкі Лізаветы Чаплінскаай, ад эклектыкі графічнага дэкору з другаснай сыравіны Юліі Мурын да прафесійнага макеціравання Анастасіі Пісарэнкі і Ганны Бруй.

Яшчэ да пачатку асноўных мерапрыемстваў на нашу пляцоўку завіталі група моладзі з Санкт-Пецярбурга. Іх зацікавілі творчыя работы нашых навучэнцаў, асабліва – ілюставаная кніга казак Якуба Коласа. Дарэчы, менавіта да гэтага сувенірнага выдання, якое сабрала і аформліла выпускніца 2025 года Марыя Сарокіна, была скіравана асноўная ўвага наведвальнікаў пляцоўкі. Мабыць таму, што акрамя саміх казак класіка беларускай літаратуры ў кнізе змешчаны размалёўкі і гульні, якія прыйшліся да спадобы самым маленькім ўдзельнікам свята. Пра гэтую адметную кнігу для дзяцей мы расказалі намесніку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталлі Уладзіміраўне Пяткевіч і  Міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марату Сяргеевічу Маркаву, якія наведалі пляцоўку Мінскай вобласці. Высокім гасцям мы патлумачылі, што з’яўленне такога выдання – вынік узаемадзеяння каледжа і арганізацыі-заказчыка кадраў, у якасці якога выступіла выдавецтва “Сегмент” (ТАА “Колорград”), куды пасля праходжання праддыпломнай практыкі была размеркавана наша навучэнка – аўтар маляўнічых ілюстрацый.

Гасцей павільёна Мінскай вобласці  віталі прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Жывое беларускае слова гучала ў выкананні сучасных паэтаў: старшыні Мінскага абласнога аддзялення Леаніда Крываноса, намесніка старшыні Рагнеда Малахоўскага,  паэтэсы і музыканта Ірыны Карнаўхавай, празаіка і паэта Віктара Сабалеўскага, музыканта, аўтара і выканаўцы асабістых песень Канстанціна Цыбульскага, паэтак Галіны Мароз, Алены Стэльмах, Наталлі Жылевіч. Іх выступленні адбыліся ў рамках прэзентацыі калектаўных зборнікаў  «У іх жыцці была вайна» і «Граница литературная», выданне якіх было прымеркавана да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гледачам таксама прадставілі маладую паэтэсу Паліну Дваранскую з яе дэбютным зборнікам вершаў  «Ардашынская рэфлексія».

Праграма Дзён беларускага пісьменства ў Лідзе была вельмі разнастайнай і цікавай. У перапынках праміж працай на сваёй пляцоўцы, мы пазнаёміліся з выставамі ўсіх абласцей, майстар-класамі традыцыйных беларускіх рамёстваў, экспазіцыяй Нацыянальнай бібліятэкі, рэгіянальных бібліятэчных устаноў і ўстаноў адукацыі. Незабыўныя ўражанні атрымалі і на канцэрце-адкрыцця свята, на конкурсных пляцоўках і нават на гастра-фэсце “Літаратура & стравы”…Лідчане добра падрыхтаваліся да свята – гасцей віталі літаратурныя фотазоны ад усіх прадпрыемстваў горада, на цэнтральных вуліцах – “ажывалі” героі беларускіх кніг і фальклору.  Адусюль гучала наша роднае беларускае слова, у кожнай падзі адчувалася значнасць і павага да нашай спадчыны, у кожнай усмешцы ўдзельнікаў і наведвальнікаў - беларуская шчодрасць і шчырасць.

… А у самым канцы выставы да нас завітала маладая пара з маленькаў дачушкай Уршуляй. З дазволу бацькоў мы зрабілі фотаздымак маленькай беларусачкі з яе знакамітай цёзкай. Супадзенне? Выпадак? Лёс? Углядайцеся і вырашайце самі…

 

Намеснік дырэктара по вучэбна-метадычнай рабоце Т.А.Цвірко, выкладчык В.В.Дылеўская

 

ФОТА

 

поделиться в: