Супрацоўніцтва з “Народнай асветай”

20.08.2024

Штомесячнаму навукова-педагагічнаму часопісу “Народная асвета” сёлета споўнілася 100 гадоў. Такі сталы ўзрост педагагічнага выдання гаворыць аб тым, што справа, пачатак якой заклалі настаўнікі-асветнікі ў пачатку XX стагоддзя, патрэбная, здяйсняецца на высокім прафесійным узроўні, перадаецца з цягам часу ў надзейныя рукі сучасных метадыстаў-навукоўцаў. З першых гадоў сваёй  выкладчыцкай працы памятаю, што першым дарадчыкам у прафесійнай падтрымцы нас, маладых спецыялістаў, у далёкіх 1990-2000 гадах была менавіта “Народная Асвета”, якую давалі пачытаць толькі ў бібліятэцы, ці ў метадычным кабінеце. Педагагічныя навацыі прыходзілі да нас на мяжы стагоддзяў з гэтага аўтарытэтнага выдання… І сёння сярод розных галіновых выданняў мы з цікавасцю гартаем старонкі часопіса, каб знайсці новыя ідэі для сваёй педагагічнай дзейнасці.

У выкладчыкаў і навучэнцаў нашага каледжа з’явілася яшчэ адна нагода пачытаць “НА”: у ліпеньскім нумары творчы праект выдання “Люстэрка прафесійнай адукацыі” і рубрыка “Партрэт асобы ў адукацыі” змяшчае матэрыял пра нашу ўстанову адукацыі. Пад час юбілейных мерапрыемстваў 40-годдзя з часу адкрыцця Нясвіжскага педагагічнага вучылішча вядучы навуковы рэдактар часопіса Л.В.Астаповіч пагутарыла з  адміністрацыяй каледжа, пазнаёмілася з метадычнымі распрацоўкамі супрацоўнікаў і прапанавала да друку некаторыя з іх. Прэзентацыя вопыту Нявіжкага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа ў Год якасці вышла ў часопісе пад назвай “Падрыхтоўка будучых настаўнікаў са знакам якасці”.

Гартайце старонкі часопіса, пачытайце артыкулы, ці скарыстайце кюар-коды для знаёмства са зместам метадычных распрацовак! Спадзяёмся, што нашы ідэі будуць карыснымі не толькі для ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але і для тых, хто працуе з навучэнцамі педагагічных класаў, займаецца профарыентацыяй, краязнаўствам.

Выказваем словы ўдзячнасці Людміле Васільеўне Астаповіч і ўсёй рэдакцыйнай калегіі часопіса “Народная асвета” за магчымасць падзядіцца нашай гісторыяй, нашымі планамі і напрацоўкамі з калегамі і за прафесійнае суправаджэнне нашых матэрыялаў.

Віншуем каллектыў часопіса  “Народная асвета”, яго галоўнага рэдактара Святлану Уладіміраўну Мазурыну, усіх аўтараў, рэдактараў, навуковых кансультантаў са 100-годдзем з дня выхаду першага нумара і жадаем творчых дасягненняў і новага плёну на ніве асветы словамі Якуба Коласа: “Браты! Вялікая дарога

      Чакае нас і родны край –

      Жніво настала, працы многа, –

      Навукі семя засявай!”

    

               Т.А.Цвірко, намеснік дырэктара

па вучэбна-метадычнай рабоце

ФОТА

поделиться в: