З гонарам носім імя тваё, Колас!

11.02.2022

З гонарам носім імя тваё, Колас!

Збірае Колас нас, яднае нас.

З любоўю мы прыходзім да паэта..    

Мікола Маляўка

 

З кожным годам усё большы прамежак часу аддзяляе нас ад таго гістарычнага часу, калі жыў і тварыў класік беларускай літаратуры, і таму больш прыцягальным становіцца не толькі вобраз Паэта як выдатнейшага майстра паэтычнага слова, але Паэта- чалавека, з яго думкамі, клопатам, радасцямі і смуткам, Паэта-педагога, метадыста, Паэта–настаўніка нацыі.

Наша навучальная ўстанова з 2003 года з гонарам носіць імя славутага песняра зямлі беларускай і працягвае традыцыі педагагічнай адукацыі, паколькі пасляваеннае вучылішча, створанае ў верасні 1944 года, таксама насіла імя Якуба Коласа. І мы ўпэўнены, што грамадска-палітычнае жыццё нашай краіны немагчыма ўявіць без творчай і педагагічнай спадчыны Якуба Коласа, які жыў з народам, тварыў з народам і тварыў дзеля народа, дзеля яго шчасця і славы.

Сёлета юбілей паэта – 140 гадоў з дня нараджэння. Гэта вельмі значная і актуальная падзея, бо яна адзначаецца ў Год гістарычнай памяці.

Чым нам блізкі і дарагі Якуб Колас?

У першую чаргу тым, што Якуб Колас быў не толькі паэтам, але і выдатным педагогам, метадыстам. Каля трыццаці гадоў працаваў ён на ніве асветы, вучыў дзяцей і дарослых, ствараў школы і бібліятэкі, праводзіў вялікую асветніцкую работу.

Нельга не ўзгадаць, што на працягу чатырох гадоў з 1898 па 1902 вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, якая вызначыла далейшы яго лёс. Дарэчы, гэта адзіная навучальная ўстанова, якую скончыў паэт. Тут ён пісаў вершы і байкі на рускай мове, плённа вывучаў вусную народную творчасць, збіраў багаты этнаграфічны фальклорны матэрыял, каб пазней стварыць свае неўміручыя  “Казкі жыцця”, першаму выданню якіх у 2021 годзе споўнілася 100 гадоў, і таму Каласавіны-21 у каледжы былі прысвечаны менавітагэтай падзеі.

 

 

Варта адзначыць, што амаль усе навучэнцы I курса (а хто яшчэ не паспеў, то абавязкова зробіць) наведалі жывапісны куточак Наднямоння – радзіму Якуба Коласа, мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Смольня, Мікалаеўшчына, дзе не толькі атрымалі білеты навучэнца, але адчулі жывое слова Якуба Коласа з вуснаў супрацоўнікаў музея Міцкевіч Соф’і Пятроўны і Корсіка Сямёна Пятровіча. Урачыстую цырымонію ўручэння білетаў правёў загадчык філіяла музея Шавель Яўген Іванавіч. Гэта вельмі годна, прэстыжна і ганарова!!!

 

   

 

Навучэнцы не толькі пабывалі на радзіме Якуба Коласа, але і наведалі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску, дзе пазнаёміліся з экспазіцыяй музея, а ў канцы лістапада супрацоўнікі музея завіталі  ў госці да нас.

 

 

У нашай навучальнай установе працуе секцыя “Нашчадкі Коласа” аб’яднання “Музей каледжа”. Удзельнікі секцыі – навучэнцы творчыя, знаходлівыя, прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні традыцыйнага свята Каласавіны, у афармленні інфармацыйных тэматычных стэндаў, фотагалерэй, у правядзнні творчых конкурсаў, педагагічных чытанняў, літаратурных гульняў, падкастаў, конкурсаў мастацкага чытання твораў на памяць і г.д. Так, у гэтым навучальным годзе  Саявец Ульяна ўдзельнічала ў IV Рэспубліканскіх педагагічных чытаннях “Спадчына беларускай педагогікі: ад Ефрасінні Полацкай да сучаснасці”. Яе выступленне  “Педагагічная спадчына Якуба Коласа: інжынер чалавечых душ”  было адзначана  Дыпломам III cтупені.

 

 

Аднойчы на занятках  я прапанавала цікавае заданне: прадоўжы фразу: “І гэта ўсё - пра яго…” Вось  якімі думкамі падзяліліся: ”Я ганаруся, што ў нас быў такі выдатны, цудоўны чалавек, як Якуб Колас, які пяшчотна і глыбока любіў непаўторную прыгажосць беларускіх абсягаў, палёў, лясоў, рэк, любіў родную мову і змог перадаць усю гэту любоў нам, яго нашчадкам. (Барышчук Паліна) ці прыгожыя паэтычныя словы Ганны Сярпінскай  (былой навучэнкі):

 Я Коласа не бачыла жывога,

   Я пра яго ад родных чула многа.

    Раскрыю кнігу – гутару з паэтам

 “Любіце родны край!”

Гучаць  над светам

Радкі, якія сталі запаветам.

Члены секцыі  “Нашчадкі Коласа” разумеюць, што іх задача ствараць, прадаўжаючы справу Якуба Коласа. Тут хочацца згадаць словы самога Якуба Коласа: “Сам працэс творчасці далёка не пазнаны, схаваны ў тайніках  душы”.  І няхай творчыя здольнасці яшчэ трэба ўдасканальваць, але парасткі ўжо радуюць.

Прыемна тое, што навучэнцы лічаць жыццё Якуба Коласа узорам і прыкладам усім, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе.

Мы, нашчадкі Коласа, павінны засвоіць  яго жыццёвыя  ўрокі.  Давайце будзем вучыцца ў Якуба Коласа жыццёвай мудрасці, разважлівасці, працавітасці, адказнасці, любові да роднага краю, да роднай мовы,уменню дараваць і дапамагаць адзін аднаму, памятаць пра мінулае і дбаць пра будучыню. Сёння кожнаму трэба задумацца, што наша заўтра залежыць ад таго, што мы робім сёння.

“Сённяшняе прачытанне творчасці Якуба Коласа, - адзначыў  Ніл Гілевіч, - дасць магчымасць у многім па-іншаму глянуць на жыццё, на лёс, на гісторыю беларусаў, лепш і глыбей зразумець іх душу, характар, светапогляд, адчуць і ўбачыць найвялікшы цуд, створаны геніем народа, - яго мову”.

Няхай светлы, жыццярадасны талент Якуба Коласа, яго шчырая ўсмешка, шчодрая душа натхняе кожнага з нас, асабліва вас,  прыгожая таленавітая моладзь, (так гаварыў сам Якуб Колас)  толькі на добрыя справы. Таму заўсёды памятайце Коласаў  дар, духоўны  зарад  яго твораў. Чытайце, малюйце, спявайце, спазнавайце Коласа, каб лепш зразумець сябе і  Беларусь у цэлым!

 

Кіраўнік секцыі “Нашчадкі Коласа”

Енчык Марыя Фабіянаўна

 

 

 

 

 

 

 

 

поделиться в: