Экскурсійная паездка Н-12 групы на радзіму Якуба Коласа

26.11.2021

У Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці размяшчаецца філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”. Ён складаецца з чатырох мемарыяльных сядзіб – Акінчыцы, Абуць, Ласток і Смольня. Менавіта там, у гэтых наднёманскіх мясцінах, прайшлі дзяцінства і юнацкія гады песняра.

25 лістапада 2021 года навучэнцы Н-12 групы наведалі мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць і Смольня. Экспазіцыі мемарыяльных сядзіб комплексныя. У іх спалучаны этнаграфічныя, прыродазнаўчыя і літаратурныя тэматычныя раздзелы, таму яны выклікалі асаблівую цікавасць навучэнцаў.

Сязіба Якуба Коласа ў Акінчыцах уяўляе сабой цэлы комплекс дэталёва адноўленых гістарычных пабудоў – дома, свірна, калодзежа і склепа. Дом зусім маленькі: толькі сенечкі ды адзін жылы пакой, затое ў ім прадстаўлены экспанаты, якім больш за сто гадоў.

 

У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчыну, менавіта тут напісаў і свой першы верш. Адсюль паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды ўлетку вяртаўся з Палесся маладым настаўнікам, Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам.

У 1910 годзе Міцкевічы набылі свою хату ў Смольні. У ёй жылі маці Ганна Юр’еўна, дзядзька Антось, сёстры паэта Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Іосіф.

Інтэр’ер мемарыяльнай хаты адноўлены па ўспамінах родных паэта. На сядзібе адноўлены хлеў, гумно, у пабудаваным двухпавярховым будынку змешчана літаратурная экспазіцыя. Лісты Якуба Коласа да землякоў, фотаздымкі, каштоўныя дакументы, рэдкія выданні твораў паэта, арыгінальныя матэрыялы не пакідаюць абыякавымі тых, хто наведвае гэты адметны і дарагі кожнаму беларусу куточак.

поделиться в: