Малыя Коласаўскія чытанні “Якуб Колас і наш культурны код”

04.11.2021

4 лістапада ў каледжы адбыліся Малыя Коласаўскія чытанні “Якуб Колас і наш культурны код”. У чытаннях бралі ўдзел выкладчыкі і навучэнцы ўсіх спецыяльнасцей.

Пачаліся чытанні выступленнем выкладчыка беларускай мовы і літаратуры, выдатніка адукацыі Енчык Марыі Фабіянаўны, якое было прысвечана 100 – гадоваму юбілею з дня выдання “Казак жыцця” Якуба Коласа. Шчыра і пранікнёна гучалі Коласаўскія словы ў выкананні навучэнак П-32 групы Гайдашовай Настассі, Васільковай Дар’і, Лявончык Таццяны, Сакавец Паліны, Хрушч Дар’і. Сваімі думкамі аб філасофскім змесце казак падзяліліся навучэнкі-пачаткоўцы Абчынец Дзіяна і Папкевіч Лілія.

Шмат цікавых і невядомых звестак аб сваяках Якуба Коласа, скрыжаваннях іх лёсаў з гісторыяй Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі даведаліся навучэнцы з выступлення выкладчыка гісторыі мастацтва Алены Аляксееўны Мацэль.

Навучэнка І-21 групы Сідарава Настасся, член навуковага таварыства “Спасціжэнне”, пазнаёміла прысутных з цікавай знаходкай - новым фотаздымкам Якуба Коласа 1907 года, фотакопія якога стане добрым унёскам у калекцыю нашага музея.

Паралелі і скрыжаванні мінулага і сучаснага шукалі ўдзельнікі чытанняў і ў абрысах і тапаніміцы Нясвіжа. Дылеўская Ірына (І-21 група) выступіла з вынікамі свайго навуковага даследвання гадонімаў Нясвіжа, у тым ліку і тых, якія звязаны з выбітнымі асобамі нашага краю.

Асаблівую ўвагу прысутных выклікала эмацыянальнае выступленне навучэнкі спецыяльнасці “Дызайн” Ліі Крывапуст “Погляд скрозь стагоддзі”, у якім яна падзялілася сваімі творчымі пошукамі пры рабоце над серыяй паштовак з выявамі старога і сучаснага Нясвіжа.

 

  

 

Навукоўцы таварыства “Спасціжэнне” (кіраўнік А.М.Рацкевіч), навучэнкі спецыяльнасці “Замежная мова” раскрылі асаблівасці перакладу твораў Якуба Коласа на англійскую мову (Мамайка Даяна) і коласаўскі пераклад “Палтавы” А.С.Пушкіна на беларускую мову (Саявец Ульяна).

Не засталіся ў баку ад падзеі і нашы першакурснікі. Яны падзяліліся сваімі ўражаннямі аб наведванні родных мясцін Якуба Коласа, дзе сапраўды адчулі сябе навучэнцамі каледжа імя Якуба Коласа. Свае падарожжа да Коласа прадставілі навучэнцы Д-14 групы Антановіч Дар’я і Бобрык Ангеліна, І-11 групы Брывач Настасся і Вараб’ёва Снежана, хлопцы з Ф-13 групы Сурма Дзяніс і Плотка Павел.

Як вынік, удзельнікі падзяліліся сваімі думкамі :

“ Якуб Колас – Чалавек з Вялікай літары. Яго творы – у нашых сэрцах і памяці…”

“Я быццам бы адчула атмасферу часоў Коласа. Успомніла і свае карані, сваю бабулю. Мы БЕЛАРУСЫ – мы павінны помніць свае карані”

“Вельмі цікавы чалавек – Якуб Колас. Хачу з’ездзіць на яго радзіму.”

“Якуб Колас – чалавек-прыклад!.. Спадабаліся выступленні, было вельмі цікава паўдзельнічаць.”

“…Сёння быў вельмі цікавы збор тых, хто ведае і хоча даведацца аб Коласе, нашай гісторыі і культуры. Дзякую за такую магчымасць!”

“Трэба шукаць свае паралелі і скрыжаванні з гісторыяй і беларускай культурай. Мы - ў пошуку!”.

“…Жадаем усім далейшай прадуктыўнай работы!”

“ЛЮБІМ КОЛАСА!!! Нясвіж, 2021”

 

 

Дзякуем усім за ўдзел. Да новых сустрэч!

Аргкамітэт Каласавін – 2021

поделиться в: