Калядны фэст

29.01.2021

Першае наша агульнае свята ў новым семестры стала і першым у каледжы мерапрыемствам Года нороднага адзінства, якім аб’яўлены 2021 год. І хаця калядкі пад час нашых  зімовых вакацый скончыліся, цікавасць да аўтэнтычных народных традыцый сабрала сёння ў актавай зале нашых навучэнцаў на шчадроўку.

Супрацоўнікі раённага цэнтра народнай творчасці ДУК “Нявіжскі раённы цэнтр культуры” і  бібліятэкар Ланскай сельскай бібліятэкі правялі для навучэнцаў калядны фэст: з песнямі і  гульнямі, з пажаданныямі і падарункамі. Яны пазнаёмілі нас з мясцовай традыцыяй старажытнага беларускага театра “Батлейка” і паказалі прадстаўленне “Цар Ірад”.

Жывая беларуская мова, выразнае і эмацыянальнае выкананне роляў, інтэрактыўныя гульні, цікавае музычнае афармленне дзеі - усё гэта пакінула непараўнальныя ўраджанні ў нашых навучэнцаў, якія і самі сталі часткай прадстаўлення. Таму пасля праграмы дзяўчаты яшчэ доўгі час распытвалі Алену Жук аб прыёмах работы з лялькамі ў батлейцы, Юлію Гарбачову – аб рабоце з  вялікай аўдыторыяй у час абрадавых святаў, а Іну Філіпаву – пра сакрэты пераўвасаблення. Школьніцу Лізавету Кашубу, якая выконвала самую адказную ролю – ролю каляднай Казы, нашыя навучэнкі запрасілі паступаць у каледж, бо кожны настаўнік павінен быць артыстам, а дзяўчынка па-майстэрску справілася са сваёй місіяй: жартавала і танцавала, загадвала цікавыя загадкі.

З творчымі набыткамі калектыву такой установы культуры, як цэнтр народнай творчасці ў Заазер’і, мы мелі магчымасць пазнаёміцца яшчэ летась, калі наведалі майстар-клас па пляценні снапоў. І вельмі рады былі прымаць сёння ў сябе іх творчы тандэм з такім цікавым самабытным супрацоўнікам Ланскай бібліятэкі, як Алена Мікалаеўна Жук (яна, дарэчы, - выпускніца нашага каледжа). Выказваем словы шчырай падзякі нашым гасцям і маем надзею на ўсталяванне творчых стасункаў надалей.

Свята скончылася… Дзеці цешыліся пачастункамі і запісвалі кантакты кіраўнікоў цэнтра, а  выкладчыкі яшчэ раз ўпэўніваліся ў думцы, што народныя традыцыі і фальклор маюць вялікую духоўную сілу, якая яднае розныя пакаленні беларусаў і робіць нас бліжэй адзін да аднаго.

 

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.А.Цвірко  

 

поделиться в: